ব্যবহারকারী:Runab WMF/be-tarask-test-page

উইকিপিডিয়া, মুক্ত বিশ্বকোষ থেকে
Pink Floyd у 1973 годзе

Pink Floyd — брытанскі гурт, утвораны ў сярэдзіне 1960-х гадоў, які граў у стылі псыхадэлікі і арт-року.

Гісторыя гурта[সম্পাদনা]

Гісторыя ўтварэньня гурта пачынаецца ў Лёндане ў 1960-х, дзе Роджэр Ўотэрз разам з Рыкам Райтам, Нікам Мэйсанам і іншымі музыкамі пачынаюць арганізоўваюць музычныя гурты, якія ня мелі пастаяннага складу і назвы. Неўзабаве, Уотэрс запрашае ў гурт свайго сябра па школе Сыда Барэта, які і прапаноўвае новую назву гурта — Pink Floyd Sound. Назва складалася з імёнаў 2-х знакамітых блюзмэнаў — Пінка Андэрсана і Флойда Кансэла, творчасьць якіх маладыя музыкі вельмі паважалі. У хуткім часе апошняе слова з назвы зьнікла, канчаткова сфармаваўшы сусьветна-вядомае імя.

Першы альбом — The Piper at the Gates of Dawn — быў запісаны ў 1967 годзе. Асноўную частку матэрыялу напісаў Барэт, які ў той час быў бясспрэчным лідэрам гурта. Альбом стаў даволі пасьпяховым і нават заняў 6 месца ў брытанскіх чартах. Тым часам псыхічнае здароўе Сыда даволі хутка пагаршалася, што было зьвязана са шматлікімі жыцьцёвымі праблемамі і ўжываньнем ЛСД. З-за апошняга неаднаразова зрываліся выступленьні гурта, што вымусіла ў красавіку 1968 афіцыйна заявіць аб сыходзе Барэта, які быў заменены Дэйвідам Ґілмарам. У гэты час адбыўся пераход ад псыхадэлічнай да больш структураванай музыкі. Другі альбом — A Saucerful of Secrets — зьмяшчаў толькі адну кампазыцыю папярэдняга лідэра.

Наступным альбомам гурта стаў More, які зьяўляўся саўндтрэкам да аднайменнага фільму нямецкага рэжысэра Барбэта Шрэдэра пра жыцьцё хіпі. Пасьля гурт неаднаразова пісаў саўндтрэкі да фільмаў: прыкладамі могуць быць «Забрыскі-пойнт» італьянскага рэжысэра Мікеланжэла Антаніёні і Даліна Шрэдэра (пасьля выдадзены на альбоме Obscured by Clouds).

Двайны альбом Ummagumma напалову складаўся з канцэртных вэрсіяў вядомых песень, а напалову — з асабістых экспэрымэнтаў музыкаў, кожнаму зь якіх было выдзелена па пэўнай частцы кружэлкі. Наступны альбом — Atom Heart Mother заняў першае месца ў брытанскім чарце. На ім можна назіраць творчасьць, якая была больш характэрна для позьняга Pink Floyd.